СПЕ́КТРЫ КРЫШТАЛЁЎ АПТЫ́ЧНЫЯ,

спектры паглынання, адбіцця і рассеяння святла, а таксама люмінесцэнцыі і фотаправоднасці, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з крышталямі. Абумоўлены квантавымі пераходамі, якія прыводзяць да змены энергет. стану электронаў і/ці энергіі вагальных станаў атамаў крышт. структуры.

Узроўні энергіі крышталя групуюцца ў дазволеныя энергет. зоны (гл. Зонная тэорыя). Паглынанне і вылучэнне святла (фатонаў) пры міжзонных пераходах электронаў можа адбывацца без узбуджэння ваганняў крышт. рашоткі (фанонаў) ці з удзелам фанонаў. Пры міжзонным паглынанні святла электрон з валентнай зоны пераходзіць праз забароненую энергет. зону (шчыліну) у зону праводнасці, і ў валентнай зоне ўтвараецца электронная вакансія (дзірка). Пры рэкамбінацыі свабодных ці звязаных у эксітон электрона і дзіркі ўзнікае люмінесцэнцыя. Існуюць С.к.а., абумоўленыя як уласнымі дэфектамі крышт. рашоткі (вакансіямі, міжвузельнымі атамамі, дыслакацыямі), так і дамешкавымі атамамі. Сіметрыя крышт. рашоткі і яе дэфектаў вызначае анізатрапію С.к.а. Афарбоўванне (колернасць) крышталёў абумоўлена непаглынутай імі часткай белага святла. Існуюць штучныя і прыродныя крышт. структуры, памер якіх у адным, двух ці трох вымярэннях супараўнальны з дэбройлеўскай даўжынёй хвалі (гл. Хвалі дэ Бройля) электрона ў зоне праводнасці і/ці дзіркі ў валентнай зоне, а таксама з адлегласцю паміж імі пры ўтварэнні эксітона; аптычныя спектры такіх структур моцна залежаць ад іх памераў.

Літ.:

Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987;

Gaponenko S.V. Optical properties of semiconductor nanocrystals. Cambridge, 1998.

М.​А.​Паклонскі.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)